☰ Меню
У маёй беларускай вёсцы паміж Мірам і Наваградкам Купалле святкавалася заўсёды ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Апынуўшыся ў Вільні я была здзіўлена як назвай падобнага свята, так і датамі яго святкавання. Чаму Joninės? Чаму ў ноч з 23 на 24 чэрвеня?
Каб адказаць на гэтыя пытанні трэба крышачку паглыбіцца ў астраномію, юліянскі ды грыгарыянскі календары і літоўскую мову.
У старажытныя часы нашыя продкі ладзілі свята ў дзень летняга сонцаварота.
Як прыродная з’ява, летні сонцаварот – гэта пэўны момант, які навукоўцы з дапамогай сучасных інструментаў вылічваюць да секунды, а звычайныя абывацелі могуць спраўдзіць звесткі на адмысловых сайтах, напрыклад timeanddate.com. У гэты момант Паўночнае паўшар’е ў якім мы жывем найбольш нахілена да Сонца. То бок сонцаварот – гэта імгненне. Яно здараецца з 19 па 22 чэрвеня.
У 2024 годзе ў Літве і Беларусі сонцаварот здарыўся 20 чэрвеня ў 23 гадзіны 50 хвілін 56 секунд. Светавы дзень цягнуўся больш за 17 гадзін. Пасля гэтага моманту ў Паўночным паўшар’і скончылася астранамічная вясна і пачалося астранамічнае лета. Пасля гэтага моманту дзень скарачаецца, а прырода паступова згасае і набліжаецца да восені.
У нашых продкаў не было такіх тэхнічных інструментаў, каб дакладна вызначыць нават дзень у які адбываецца астанамічны сонцаварот. Таму дзень свята вызначаўся прыкладна.
Наста Глушко, сяброўка этнаграфічнага таварыства СЭТ, у інтэрв’ю для “Белсат” распавядала, што “на ўсходзе Латвіі, у мясцінах, што раней уваходзілі ў Віцебскую губерню, хутаране вызначалі Купалле наступным чынам: у час, блізкі да сонцастаяння, гаспадар імкнуўся заўважыць, у якім месцы сонца ўзыходзіць – напрыклад, насупраць засечкі на плоце. І калі сонца ўзыходзіла ў гэтым пункце тры дні запар, тады пачыналі святкаванне. Праз тое, што такі спосаб не вельмі надзейны, моладзь магла пераходзіць з хутару на хутар і гуляць Купалле цэлы тыдзень”.
Пасля прыняцца хрысціянства старажытныя звычаі і абрады спалучыліся з хрысціянскімі, так адбылося і з Купаллем. Царква ўстанавіла 24 чэрвеня – днём народзінаў Іаана Хрысціцеля. Паводле Бібліі ён хрысціў Ісуса Хрыста. Купалле пачало святкавацца ў ноч напярэдадні 24 чэрвеня, а назва трансфармавалася ў Іван Купала.
У 1918 годзе на тэррыторыях сучасных Літвы і Беларусі перайшлі на Грыгарыянскі каляндар, якім мы карыстаемся дагэтуль.
Папярэдні Юліянскі каляндар быў складзены такім чынам, што кожныя 128 год у яго накопліваецца памылка ў 24 гадзіны. З цягам часу дні каляндара пачалі апярэджваць астанамічныя з’явы на падставе якіх была распрацавана сама каляндарная сістэма.
Каталіцкая царква прыняла Грыгарыянскі каляндар, а праваслаўная не. Таму згодна з каталіцкім касцёлам святкаванне Купалля працягнула адбывацца у ноч з 23 на 24 чэрвеня.
Праваслаўная царква працягвае карыстацца Юліянскім каляндаром. Згодна яму Купалле таксама адбываецца ў ноч на 24 чэрвеня, але па Грыгарыянскім календары, якім мы карыстаемся ў штоддзённым жыцці, гэтая дата адпавядае ночы на 7 ліпеня.
У Літве захаваліся некалькі назваў свята летняга сонцаварота. Літоўскі этнограф Александрас Жарскус (Aleksandras Žarskus) вылучае такія назвы:
У Літве Joninės святкуецца ў ноч з 23 на 24 чэрвеня. З 2003 года 24 чэрвеня з’яўляецца выходным днём.
У Беларусі Купалле святкуецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня і ніякіх выходных з нагоды нараджэння Іаана Хрысціцеля не прадугледжана.
Мы маем багатую спадчыну ў якой старажытныя святы дайшлі да нас у спалучэнні з хрысціянскімі абрадамі. Таму ёсць шырокі выбар дат на любы густ, у якія магчыма святкаваць Купалле ці Joninės ў 2024 годзе:
Прапаную паглядзець, як святкавалі Joninės у літоўскім горадзе Лентварыс (Lentvaris) 23 чэрвеня 2024 года.
Свята ладзілася на беразе возера, якое мае назву як і горад - Ленварыс. Дарэчы з яго берага адкрываецца файны від на палац XVI ст.
Святочная пляцоўка пачыналася з адмыслова зробленнай да свята брамы.

У бягучым годзе Культурны центр Лентварыса адзначаў 10-ці годдзе стварэння, таму побач са сцэнай былі ўсталяваны вялікія літары, з нагоды гэтай даты.
На сцэне выступалі гурты з народнымі спевамі і сучаснай музыкай.
Лентварыс - гэта горад у Тракайскім районе. І на свяце прысутнічаў мэр Тракайскага района Андрюс Шацявічус (Andrius Šatevičius).
Менавіта Андрюс падпальваў святочнае вогнішча.
© 2013-2026, tripstrip.net